Сярод гукаў вясновага лесу
Часопiс «Мастацтва» № 5 (422) 01.05.2018 — 31.05.2018
Новы праект гурта «PANI malala»
У гэтага маладога калектыву, які дэбютаваў літаральна год таму, ужо ёсць свая аўдыторыя. Яна сочыць за выступленнямі трыа таленавітых дзяўчат, імкнецца не прапускаць іх канцэртаў і праграм. Размова пра гурт «PANI malala», створаны Юліянай Шырмай. гэтай вясной яны паказалі новы праект у мінскай зале «Верхні горад».
Канцэрт «Пра дзявочыя мроі, што лунаюць на хвалях лёсу», здавалася б, не надта працяглы па часе — крыху больш за гадзіну, складзены з народных песень беларускіх, расійскіх і польскіх, а дакладней, іх сучасных апрацовак, — ён, тым не менш, прывабліваў шматлікімі мастацкімі якасцямі. Неверагодна магутнай энергетыкай. Увасабленнем народнага, сакавіта-раблезіянскага ўспрымання рэчаіснасці. Непадробнай радасцю ад працэсу музіцыравання і працэсу стасункаў са слухачом. Віртуознасцю спеваў, а таксама імправізацыйных інструментальных пройгрышаў. Гарманічнасцю суіснавання вакалу і пясочнай анімацыі. Калі карціны ствараліся тут і цяпер і трансляваліся на экране за спінамі спявачак. Інакш кажучы, адчуваннем надзіва рэдкага цуду, што ўзнік невядома як. Менавіта таму захацелася пасля канцэрта сустрэцца са стваральніцай гурта Юліянай Шырмай і распытаць яе: якім чынам можна дасягнуць падобнага выніку.
Юліяна, першае пытанне. Як патлумачыць змену назвы? Быў гурт «Малала», цяпер «PANI malala».
— Гэта абумоўлена інфармацыйным момантам. У Інтэрнэцэ ў пошукавіку ўводзіш ранейшую назву, дык найперш з’яўляецца імя пакістанскай дзяўчыны Малалы Юзуфсай, якой уручана Нобелеўская прэмія міру. Таму мы вырашылі нейкім чынам адасобіцца.
Ці шмат падзей адбылося паміж дэбютным канцэртам, які вы паказвалі мінулай вясной, і канцэртам сёлетнім?
— Шмат. Гурт «Малала» ўдзельнічаў у конкурсе «Заспявай 4х4», арганізатарам якога з’яўляліся партал TuzinFM і Сяргей Будкін. Сутнасць конкурсу заключалася ў тым, што сабраныя песні журы слухае ў дэма-версіі. Потым выбірае чатырох фіналістаў — гурты альбо салістаў. Пераможцы мелі магчымасць бясплатна запісаць песню, даць некалькі канцэртаў, трапіць на летнюю адукацыйную праграму. Лічу, нам вельмі пашанцавала: нашым ментарам быў Алег Хаменка.
У межах праекта мы адыгралі два канцэрты. Адзін разам з «Палацам», другі — самастойны. А таксама запісалі адну з любімых песень «Кавуны пасохлі». Увогуле яна з’явілася ў нашым рэпертуары яшчэ да змены складу, да таго як сышла арфістка Іларыя Шышко. Яна артыстка драматычнага кірунку, скончыла Акадэмію мастацтваў, і вядома, ёй больш цікава займацца ўласна прафесіяй. Цяпер Іларыя працуе ў Нацыянальным тэатры імя Горкага. Калі ў калектыў прыходзіць новы чалавек (гэта Кацярына Макарчук, якая грае на акарынах і займаецца перкусіяй), успрыманне песні мяняецца. Кацярына вучыцца ў Акадэміі музыкі па класе баяна.
Заўважу, «Кавуны пасохлі» — адна з самых яркіх кампазіцый у вашым рэпертуары. Нездарма падчас канцэрта ў «Верхнім горадзе» публіка патрабавала ў якасці «бісу» менавіта яе. Бо ў песні вельмі ўдала з’ядналіся народная, фальклорная аснова і сучасная яе інтэрпрэтацыя. У дадатак вы сапраўды віртуозна абмінаеце пэўную грубаватасць, якая прысутнічае ў арыгінале («ка мне хлопцы не прыйшлі, каб яны падохлі!»). Гумар узнікае і таму, што слухач добра памятае фальклорную крыніцу…
— Мне нават складана сфармуляваць, якой гэтую песню лічыць. Яна аўтарская ці не аўтарская? Мы яе назвалі песня-жарт. Як песня ўзнікла? Памятаю, калі мы прачыталі два куплеты вядомай «Полькі-янкі», зрабілася вельмі смешна. Потым дзяўчаты прапанавалі: «Напішы рэп!» Трэба было сачыніць «драматычную» гісторыю — унутры гэтага рэпа. Я напісала — у якасці прыколу. Вынік стаўся нечаканым — менавіта з гэтай кампазіцыяй мы перамаглі ў праекце «Заспявай 4х4».
Гумару, камедыйнага і жыццесцвярджальнага пачатку ў музыцы так мала, так не хапае і ён у такой ступені запатрабаваны, што падобны вынік нават і не дзівіць.
— На запісе песні мы ігралі больш партый, чым «жыўцом». Бо ў кожнай кампазіцыі шмат шумавых эфектаў. У Алены Грыб гэта была бас-гітара, акардэон і адна з акарын. Потым мы запісвалі цымбалы, маленькія талерачкі. Метраном у нас таксама з’яўляўся дзейнай асобай. А потым ужо рабілі звядзенне дарожак…
Памятаю, што вы ўсе мультыінструменталісткі! Дарэчы, шумавыя эфекты, пра якія вы згадвалі, вельмі эфектныя ў многіх нумарах новай праграмы. Асабліва яны ўразілі на пачатку выступу. Калі стваралася ўражанне, што ты рэальна знаходзішся ў вясновым лесе, чуеш гукі лугу, поля, галасы птушак…
— Мы з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да канцэрта ў «Верхнім горадзе». Штодня рэпеціравалі да 12 ночы. І не толькі спявалі. Бо важныя і тэхнічныя складнікі праграмы: святло, гукаўзмацняльная апаратура. Шмат дапамагаў нам гукарэжысёр Уладзіслаў Пінчук.
На працягу года ў нас з’явіліся тры новыя кампазіцыі. У апошняй праграме вы чулі калыханку «Спі, сыночак міленькі». Гэтую песню мне некалі спявала мая бабуля. Але мне хацелася дадаць у гэты твор дзеяння. Частка тэксту засталася, некалькі строф я дапісала.
Падчас апошняга канцэрта была і пясочная анімацыя. Ёю займалася мастачка Вольга Радзецкая. А візуальныя вобразы ўзнікалі на экране менавіта ў час спеваў, у працэсе выканання нумара. Вельмі перспектыўны кірунак! Імклівае развіццё візуальных мастацтваў прывучыла публіку: паралельна з гукавым вобразам павінен існаваць і візуальны.
— Калі ў кастрычніку мінулага года гурт даваў канцэрт, Вольга прыйшла нас проста паслухаць. Потым мы гутарылі. Зразумела, пясочная анімацыя — дастаткова дарагі складнік праекта. Бо пясок, які выкарыстоўваецца для стварэння імправізацыйных малюнкаў, спецыяльны. На карціны, што ўзнікалі паралельна з нашымі песнямі, спатрэбілася 7-8 кілаграмаў пяску.
Дарэчы, гурт «Малала» выступаў у межах першай у Беларусі Міжнароднай пясочнай канферэнцыі. Летась у снежні. Гэтую канферэнцыю мы фактычна і адкрывалі. Было самім цікава, як песні будуць суадносіцца з малюнкамі, як будуць успрымацца? Калі мастачка працуе з каляровым пяском, дык карціна існуе нейкі час перад вачыма гледачоў, і больш з тым пяском нічога не зробіш. Яго трэба згарнуць, прыбраць, каб распачынаць новы малюнак. Мае любімыя малюнкі — да польскай песні «Sowa». Яны ствараюць атмасферу і пэўны настрой. Наогул праграма будавалася такім чынам, што песні аб’яднаныя блокамі — пад карціны.
Інакш кажучы, анімацыя дзесьці ўплывала на рэжысуру. Але гэта вельмі нечаканы і перспектыўны сімбіёз. Бо на тваіх вачах музыка нараджаецца адначасова з выявай. Усведамляеш: і Вольга Радзецкая — віртуозная мастачка, і вы — віртуозы. Спявачкі і інструменталісткі адначасова.
— Калі я ўпершыню ўбачыла карціны, дык адразу нарадзілася ідэя сумесных выступленняў. Важна, што з Вольгай лёгка кантактаваць. Яна ўважліва ставіцца да нашых прапаноў. У такім супрацоўніцтве істотнае ўменне чуць адно аднаго. І сама Вольга — мастачка, якая шукае і змяняецца ў абраным ёю жанры.
Калі ў адным праекце сумяшчаюцца розныя жанры, важна дамовіцца, каб у выніку атрымаўся пэўны баланс і раўнавага. Каб нечага ці некага не было занадта многа…
— Так, каб усе адчувалі сябе спакойна, утульна і псіхалагічна камфортна. І за супадзенне ў часе (паспее намаляваць ці не?) я таксама перажывала. Пашанцавала, мы знайшлі ўзаемаразуменне. Насамрэч важна адшукаць чалавека, якому падчас творчага працэсу давяраеш. Магчыма, таму што на пясочнай канферэнцыі мы паспрабавалі — і ў нас атрымалася.
У дэбютным канцэрце ў вас былі вельмі цікавыя строі і элементы сцэнаграфіі. Гэтым разам вопратка атрымалася больш сціплая і простая. Відаць, наяўнасць карцін, якія ўзнікалі за вашымі спінамі, паўплывала на менавіта такое рашэнне?
— Тыя сцэнічныя касцюмы, якія былі падчас першай праграмы (лён, вышыўка, арнаменты), — яны абавязваюць. Калі патэнцыйны слухач ідзе купляць квіток на канцэрт, ён бачыць на афішы выканаўцаў у стылізаваных народных строях і разумее: прагучаць творы ў этна-стылі. Калі прыйшоў, дык разумее, што не толькі этна. Таму для слухача важны эстэтычны і стылёвы пасыл. Але і выканаўцам павінна быць зручна — спяваць, іграць. Тым больш інструментаў у кожнай з нас шмат.
Інакш кажучы, касцюм залежыць ад мастацкіх задач…
— Мы выкарыстоўваем вопратку дэбютнага выступлення, калі нас пра гэта просяць, калі імкнуцца прадставіць гурт з акцэнтам на народны стыль. Але наша грамадства прызвычаілася, што ў ільняных строях спяваюць выключна бабулі.
Ці хапае ў вас часу на гастрольныя вандроўкі?
— Планаў хапае, але пакуль вельмі складана сумясціць расклады ўсіх салістаў. Алена Грыб працуе ў Белтэлерадыёкампаніі, Кацярына Макарчук вучыцца ў Акадэміі музыкі. Я вучуся ў магістратуры Акадэміі мастацтваў і, акрамя таго, працую ў Нацыянальнай школе прыгажосці педагогам па майстэрстве акцёра.
Цікава, а якія планы ў гурта «PANI malala» надалей?
— Хацелася б выпусціць дыск. Ужо адшукалі гукарэжысёра. Згадваю, калі запісвалі «Кавуны», дык, думаю, нас амаль што ненавідзелі. Бо іншыя выканаўцы працавалі дзве гадзіны, а мы — восем.
Дык і вынік адпаведны!
— Бо запісвалі асобна кожную партыю. І не па адным разе. Калі б была песня, дзе патрэбны проста вакал, — гэта адна справа.
Разумею. У вас атрымаўся фактычна невялікі спектакль са сваёй нечаканай драматургіяй…
Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі