• Рубрика записи:НАВIНЫ

Кожны дзень навокал узнікае цэлы свет карцін нашай асабістай, да канца невядомай, таямнічай і неверагоднай прыроды, якая валодае непаўторным гукавым светам. Яго складалі стагоддзі словаў, птушак, вятроў… Сёння самыя патаемныя і прыгожыя куткі Беларусі, якія хаваюцца ўздоўж нашай граніцы ўвасобіліся ў сумесным праекце фолк-этна гурта «PANI malala» і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

«Чароўная граніца» – гэта ўнікальныя кадры беларускай зямлі, сабраныя творчымі магчымасцямі і натхненнем прадстаўнікоў пагранічнага камітэта і гукавы свет, аўтарства якога належыць аспірантке Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёру і кіраўніку гурта PANI malala Юліане Шырма.

Кожны музычны малюнак, увасоблены майстэрствам удзельнікаў калектыву (Філіпа Сычова, Кацярыны Макарчук і Юліаны Шырма) – гэта пераасэнсаваны праз эмпірычнае ўспрыманне фальклорны матэрыял нядаўніх экспедыцый па мясцінах, недалёка ад якіх размяшчаюцца маляўнічыя кадры праекту. Шэсць кропак на карце Беларусі.

1. Астравецкі край

«Там чалавек забывае пра свет.»

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня
або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Астравецкі край – зачараваныя мясціны патаемных куткоў, якія прачынаюцца ў мядовых прамянях сонца. Яно купаецца ў гуках цымбальнага трэмала, пакуль водгук народнага вакалу песень Панямоння не пераносіць да азёраў Падмядзена і Забелішкі пасярод лясных дываноў.

Акарыны на розныя лады абдымаюць птушынымі спевамі пакінутую ў гушчары стараверскую Троіцкую царкву. Палі вакол млына і панскага маёнтка, рака Вілія ўсміхаюцца цёплымі фарбамі новаму дню. Таямнічы свет гэтага краю, як і назва музычнага малюнка «Празрыста вада», адкрываецца ўсёй разнастайнасцю сваіх мясцін, як на далоні.

2. Полацкі абшар

Бліжэй да Полацкага возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар…

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня
або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Полацкі абшаргэта кіламетры воднай стыхіі, над якой ляцяць хвалі цымбальных пераліваў і чуецца глыбіня акардэонных гукаў. Музычны малюнак, які атрымаў назву «Лётала-лятала», набліжаецца да чалавека ўсё хутчэй і абрываецца на самай кульмінацыі, калі водная прастора запаланіла ўсё наваколле…

Цяпер, гледзячы на яе з вышыні птушынага палёту, ляціць над вадою песня Полаччыны – «Перапёлка». Перад вачыма плывуць кадры такіх мясцін, як вадаспад на рацэ Вята, азёры Струста, Снуды, Плюсы, Рычы, Асвейскае, стык граніц Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Латвійскай Рэспублікі – пагранічны знак «Неверыца», рака Заходняя Дзвіна, каб ніколі не астанавіцца ў сваім руху да будучыні…

3. Брэсцкая зямля

«…дубы гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі…»

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня
або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Брэсцкая зямля – мясціны сілы прыроды і чалавечай мужнасці. Яе гісторыя цішыцца ў галінах дрэваў Белавежскай Пушчы. І толькі вочы ахоўнікаў-зуброў праз шмат пакаленняў глядзяць памяццю праз стагоддзі. Назва музычнага малюнка «Муры. Звер. Паляванне» не выпадковая.

Тут адбывалася ўсё: барацьба паміж магутнымі жывёламі, паміж чалавекам і зубрам і нават паміж чалавекам і чалавекам…Кліч акарыны-басвяртае да паляванняў старажытных часоў па законах сумленнасці і без іх…Праз цымбальнае піццыката рассыпаюцца кроплі плачу закінутых муроў Цярэспальскага умацавання Брэсцкай крэпасці, заставы «Хвойнікі».

Магутны дуб Новікава моўчкі захоўвае свое ўспаміны аб баявых дзеяннях. А голас, тэма якога належыць фальклору Берасцейскага Палесся збірае над люстэркамі возера Лядскага ды ракі Западны Буг шэпт вятроў, каб кожны, хто ступіў на гэтую зямлю, сцішыўся і пачуў яе сапраўдную веліч.

4. Гродзенкія мясціны

«Край мой(…), дзе ў голлі хаваецца сонца, (…) Ты мнез’яўляешся казкай бясконцай. »

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня
або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Гродзенкія мясціны – казачны свет, дзе пераплятаецца некалькі граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча, Літоўскай Рэспублікі, аб чым сведчыць пагранічны знак «Марыха», дзе разыходзяцца чароўныя вароты-мост пераліўной дамбы ў раёне шлюза «Дамброўка», дзе коні ўздымаюць пыл на сцяжынках лесу, а чароўныя краявіды адбіваюцца ў плыні Аўгустоўскага канала.

Музычны малюнак «Казка- калыханка» – гэта ўспамін з дзяцінства самой аўтаркі музыкі праекту, малая Радзіма якой знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці. Бабуліна калыханка «Прыляцелі гулі» да цяперашняга часу самая незабыўная…

5. Лоеўскія прасторы

«Човен плыве па спакойнай вадзе…»

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня
або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Лоеўскія прасторы – месца, дзе празрыстая вада Дняпра, нібы ўзорамі распускае хвалі ад лодак, кацяроў і паромнай пераправы «Лоеўская», якія імчаць па яе люстэрку.

Асноўная тэма музычнага малюнка «Го! Гэй!» належыць фальклорным здабыткам Гомельшчыны. Няспынны рух за сонцам, якое адбіваецца ў водах ракі Сож заварожвае сваёй імклівай прыгажосцю наваколля.

6. Піншчына

«…енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак (…) пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.»

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня
або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Піншчына – край, дзе Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Альманскія балоты» хавае незлічонае багацце чырвоных караляў журавін. А ў іх нетрах спяць казкі, легенды і паданні цэлага народа… Азёры Вялікае Засамінае, Белае і Белаазёрскі канал, мост з часоў былога Мерлінскага палігона праз раку Сцвіга, нібыта апынуліся ў шаманскім карагодзе гукаў птушынага насельніцтва гэтага краю, які ў музычным малюнку «Зовзуля» увасоблены самымі разнастайнымі акарынамі.

Зямля гамоніць пра свае ўспаміны і таямніцы песняй Піншчыны «Ліціла зовзуля».

Добавить комментарий